Галасавыя чаты, як яны маюць быць

Чытаць арыгінальны допіс па-англійску
Voice Chats Done Right

З 2013 мы пашыралі разуменне чатаў-суполак, дадаючы такія цяпер ужо неад’емныя опцыі як адказы, згадкі з наладжвальнымі апавяшчэннямі, пашыраныя галасаванні, інструменты кіравання, інструменты статыстыкі – і пры гэтым дазваляючы сотням тысяч удзельнікаў знаходзіцца ў адным чаце. Многія з гэтых новых магчымасцяў былі пасля перанятыя іншымі месенджарамі і перавызначылі правілы перапіскі паміж людзьмі.

Сёння суполкі Telegram выходзяць на новы ўзровень: галасавыя чаты, працяглыя калектыўныя выклікі, да якіх можна далучыцца – і выйсці – у любы момант. Наша дванаццатае абнаўленне ў 2020 паспявае якраз да святаў.

Галасавыя чаты

Любая суполка Telegram цяпер можа займець свой галасавы чат, які будзе актыўны ўвесь час без усякіх перапынкаў. Галасавыя чаты працуюць паралельна з асноўным, тэкставым і файлавым, пераводзячы размову ў жывы рэжым. Іх можна выкарыстоўваць як віртуальныя офісы ці «пакойчыкі адпачынку» для працоўных калектываў і любой іншай супольнасці.

Вядома, гэта не тое ж самае, што і групавыя выклікі, але галасавыя чаты дазваляюць дасягнуць тых жа мэтаў – даючы пры гэтым пэўную гнуткасць заместа поўнай перапрацоўкі старых механізмаў. А ў суполках большага памеру галасавы чат стварае спрыяльную атмасферу для нечакана прыемных размоў з рознымі людзьмі з розных канцоў свету.

Суполкі з актыўным галасавым чатам таксама маюць спецыяльную панэль, якая паказвае, хто гаворыць у дадзены момант (і як гучна). Так можна падабраць правільны момант для далучэння – напрыклад, адразу як заўважыце, што вашы сябры зазбіраліся на кававы перапынак.

Пасля далучэння да галасавога чата, вы можаце свабодна карыстацца праграмай, гартаць іншыя чаты і адпраўляць паведамленні. Злучэнне застаецца, а панэль кіравання дынамікам і мікрафонам замацоўваецца на экране, каб вы маглі ў любы момант хутка адключыць або ўключыць іх, калі патрэбна.

Калі вы карыстаецеся Android, то вам даступны паўнавартасны сістэмны віджэт, які будзе паказваць карыстальніка, які цяпер прамаўляе, і кіраванне гукавымі прыладамі, нават калі Telegram згорнуты ў фонавы рэжым. Дзед Мароз, дарэчы, таксама карыстаецца Android – каб разносіць падарункі, яму патрэбна, каб навігатар заўсёды быў адкрыты.

Вас будуць чуць усе, хто цяпер на сувязі – а таксама можаце запрасіць сяброў праз зручнае меню. Галасавыя чаты могуць утрымліваць да некалькіх тысяч удзельнікаў, так што яны падыйдуць і да сямейнага паходу па пакупкі, і для шматлюднага канцэрта.

І апошняе, але важнае – галасавыя чаты маюць цудоўныя анімацыі. Наш дызайнер прадаў душу д’яблу за іх, але мы думаем, што то было таго варта.

Каб пачаць галасавы чат, адкрыйце любую суполку, якой вы кіруеце, націсніце (⋯) або (⋮) і выберыце Пачаць галасавы чат.

Мы спадзяемся, што, як і суполкі ў свой час, галасавыя чаты зменяць уяўленне аб тым, як людзі застаюцца на сувязі адно з адным. У бліжэйшы час, літаральна на наступным тыдні, мы плануем пашырыць функцыянал на аснове вашых прапаноў, палепшыць фільтрацыю шумоў і дадаць новыя магчымасці, як, напрыклад, відэа і паказ экрана.

«Націснуць і гаварыць»

На Telegram Desktop і ў праграме для macOS вы можаце прызначыць кнопку, каб націснуць і гаварыць у галасавым чаце. Мікрафон будзе ўключацца на час націскання, нават калі Telegram згорнуты. Caps Lock, твой выхад!

Абрысы стыкераў

Анімаваныя стыкеры ў Telegram добра аптымізаваны для большай эфектыўнасці і ўтрымліваюць плаўныя 180-кадравыя анімацыі з неабмежаванай раздзяляльнасцю – і ўсё гэта ў 50 кілабайтах.

Гэта абнаўленне яшчэ больш узвышае хуткасць загрузкі, а таксама дадае абрыс таго, што вы неўзабаве ўбачыце. Глядзіце толькі не праміргніце з’яўленне!

Падтрымка SD-картак на Android

Карыстальнікі Android цяпер могуць перанесці свае даныя Telegram з убудаванага сховішча тэлефона на SD-картку. Невялічкая прастора памяці цяпер не праблема, і вы можаце захоўваць медыя і файлы, ды і ўвогуле паўнавартасна карыстацца Telegram.

Налады выкарыстання сховішча

Напамінаем, што Telegram можа займаць неверагодна малы аб’ём вашай памяці. Калі цікава, прагледзьце Налады > Даныя і сховішча > Выкарыстанне сховішча.

Новыя анімацыі для Android

Мы дадалі яшчэ больш новых анімацый па ўсёй праграме – дотык да кнопкі «Новае паведамленне», адкрыццё профілю, наладжванне папак, а таксама лічыльнікі паведамленняў.

Зачытванне паведамленняў на iOS

А калі вы ўсё яшчэ карыстаецеся iOS, то можаце даць Siri доступ да чытання вашых уваходных паведамленняў у вашых навушніках. Адкрыйце Налады iOS > Апавяшчэнні > Зачытванне паведамленняў і ўключыце Telegram у спісе праграм, каб быць у курсе спраў у вашых чатах нават падчас мыцця посуду.

Зачытванне паведамленняў Siri даступна толькі для падтрымліваемых моў iOS, сярод якіх, на жаль, няма беларускай мовы, таму гэтая функцыя не будзе карэктна працаваць з беларускамоўнымі паведамленнямі.

Палепшанае рэдагаванне

Карыстальнікі Android могуць хутка адрэдагаваць фота, якія яны адправілі – дадаць эфекты, малюнкі ці стыкеры з дапамогай нашага магутнага рэдактара медыя. Карыстальнікі iOS могуць даткнуцца да іконкі алоўка, каб хутка адрэдагаваць і адправіць у адказ атрыманыя фотаздымкі.

Кожная з гэтых магчымасцяў была даступная асобна на кожнай аперацыйнай сістэме, але цяпер мы прадастаўляем роўныя магчымасці для малявання вусаў на сэлфі.

Палепшанае рэдагаванне на iOS і Android

Падчас рэдагавання подпісу вы, наблізішыўся да абмежавання, убачыце лічыльнік, які паведаміць, колькі сімвалаў вам яшчэ застало

Яшчэ больш анімаваных эмодзі

Якое абнаўленне без новых анімаваных эмодзі. Усё як заўсёды: адпраўце адзін з гэтых эмодзі 👇 у любы чат, і ён анімуецца.

Тут недзе схавана гісторыя пра кібер-каўбоя, які расследуе вельмі цмянае забойства.

Платформа прапановы паляпшэнняў

Шмат опцый Telegram пачыналі свой шлях з прапановы нашых карыстальнікаў. Каб дапамагчы вам падзяліцца добрымі ідэямі і знойдзенымі хібнасцямі, мы запускаем публічную платформу для паляпшэнняў і знойдзеных хібнасцей.

Звярніце ўвагу, што зараз платформа падтрымлівае толькі англійскую мову. Гэта патрэбна для таго, каб карыстальнікі з усяго свету не стваралі дзясяткі запытаў пра аднолькавыя функцыі на ўсіх мовах.

Мы будзем паступова даваць карыстальнікам доступ да платформы, каб кожная прапанова магла атрымаць сваю заслужаную хвіліну славы. Нягледзячы на гэта, кожны карыстальнік ужо можа праглядаць прапановы і галасаваць за іх.

На сёння ўсё. Убачымся ў 2021, ну або калі мы зноў зробім нешта неверагоднае – паглядзім, што здарыцца раней.


23 снежня, 2020
Каманда Telegram


P.S. Канец года звычайна становіцца добрай нагодай азірнуцца на папярэднія 12 месяцаў, але мы арыентуемся на будучыню. Заснавальнік Telegram Павел Дураў размясціў сваю стратэгію па развіцці праграмы, і мы, з яе дапамогай, будем і далей радаваць вас шыкоўнымі абнаўленнямі.

Іншыя навіны

Міні-праграмы 2.0: поўнаэкранны рэжым, іконкі на галоўным экране, месцазнаходжанне і яшчэ 10 функцый

Сёння мы запускаем найбуйнейшае абнаўленне ў гісторыі міні-праграм. Яны атрымліваюць поўнаэкранны…
17 Ліс, 2024

Палепшаныя відэа і шмат чаго яшчэ

Сённяшняе абнаўленне дадае хутчэйшую загрузку, лепшую якасць і новыя налады хуткасці для відэа, меткі апошняга рэдагавання, далучэнне медыя да адпраўленых паведамленняў, павялічаныя…
31 Кас, 2024

Падарункі, платформа верыфікацыі і шмат чаго яшчэ

Карыстальнікі цяпер могуць адпраўляць падарункі сваім сябрам. Атрымальнікі падарункаў могуць паказваць іх на сваіх старонках профілю або…
5 Кас, 2024

Зорныя розыгрышы і шмат чаго яшчэ

З сённяшнім абнаўленнем групы і каналы могуць выкарыстоўваць Зоркі Telegram у якасці прызоў у розыгрышах. Таксама для любога артыкула, які вы адкрылі ў браўзеры Telegram, цяпер можна…
6 Вер, 2024